default_mobilelogo



21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Дзень роднай мовы. Для Гродзенскага ўніверсітэта, і асабліва для філалагічнага факультэта, гэта свята ўжо даўно стала традыцыйным.
Штогод купалаўцы віталі гэты дзень адмысловымі тэматычнымі імпрэзамі, у якіх прымалі ўдзел і студэнты, і выкладчыкі.
2021 год не стаў выключэннем. А святкаванне Дня роднай мовы распачалося яшчэ напярэдадні выхадных. 19 лютага ў вучэбным корпусе па вул.Леніна а 13.00 стартавала акцыя “Я люблю родную мову”, прыняць удзел у якой маглі ўсе жадаючыя, тыя, хто цэніць гэты сапраўды ўнікальны духоўны скарб.
Арганізатары імпрэзы, студэнткі 2 курса спец. “Беларуская філалогія” Саўко К., Лудзіч М. звярнуліся з паэтычным прывітаннем да прысутных студэнтаў і выкладчыкаў, запрасілі да ўдзелу ў акцыі, прапанаваўшы сфатагарфавацца на фоне знакавых беларускіх сімвалаў. На запрашэнне адгукнуліся многія з прысутных, атрымаўшы яшчэ і салодкі падарунак – цукеркі з каларытнымі беларускімі назвамі.
Працягам свята стала музычна-паэтычная імпрэза у гонар Міжнароднага Дня роднай мовы, падрыхтаваная студэнтамі філалагічнага факультэта, на якой прагучалі вершы беларускіх пісьменнікаў і песні на іх словы. Прысутныя выкладчыкі і студэнты акунуліся ў атмасферу душэўнага свята.
Урачыстасці, прысвечаныя згаданаму святу, працягнуліся і 22 лютага, калі ўсе факультэты ўніверсітэта прынялі ўдзел у напісанні Купалаўскай дыктоўкі. А пазней студэнты-філолагі  далучылі да акцыі “Я люблю родную мову”  усіх супрацоўнікаў і студэнтаў галоўнага корпуса ўніверсітэта па вул.Ажэшка.