default_mobilelogo



Анлайн-лекцыя прафесара Варшаўскага ўніверсітэта Радаслава Калеты
У рамках Дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве паміж філалагічным факультэтам (кафедра беларускай філалогіі) ГрДУ і факультэтам прыкладной лінгвістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (кафедра беларусістыкі) вось ужо на працягу некалькіх гадоў праводзяцца разнастайныя мерапрыемствы з удзелам двух бакоў. 21.12.2020 г. доктар філалагічных навук, прафесар кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта  Радаслаў Калета прачытаў лекцыю студэнтам спецыяльнасці “Беларуская філалогія” праз платформу Zoom. Да лекцыі з задавальненнем далучыліся і выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі, бо перайманне вопыту калег – гэта адзін з важных і патрэбных накірункаў павышэння кваліфікацыі.
На пачатку свайго выступлення Радаслаў Калета расказаў аб асаблівасцях адукацыйнага працэсу, які ажыццяўляецца зладжаным калектывам выкладчыкаў і студэнтаў Варшаўскага ўніверсітэта, аб распаўсюджанасці і запатрабаванасці беларускай мовы  на тэрыторыі Польшчы, аб дасягненнях польскіх даследчыкаў у галіне беларускага мовазнаўства і літаратуразнаўства, а таксама аб новых формах і метадах папулярызацыі нашай роднай мовы за мяжой.
Навуковыя інтарэсы прафесара Радаслава Калеты досыць рознабаковыя: параўнальная лінгвістыка, перакладазнаўства, сучасныя польска-беларускія моўныя кантакты, гісторыя беларускага правапісу, культура мовы, сацыялінгвістыка, лексікалогія і лексікаграфія. Але найбольш значныя дасягненні вучонага можна адзначыць у галіне глотадыдактыкі (выкладанне беларускай мовы як замежнай). Таму невыпадкова лекцыя прафесара была прысвечанага гэтаму пытанню. Цудоўная прэзентацыя матэрыялу, цікавы выклад, глыбокі аналіз паспрыялі таму, што студэнты і выкладчыкі атрымалі магчымасць прасачыць асаблівасці працэсу навучання беларускай мовы як замежнай, пазнаёміцца з метадычнай  літаратурай, якая была выдадзена беларускімі і польскімі даследчыкамі ў гэтым накірунку, а таксама даведацца шмат іншага пра ўсю сістэму навучання беларускай мовы як замежнай.
Прыемна адзначыць той факт, што кантакты паміж  кафедрай беларускай філалогіі ГрДУ і кафедрай беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта набываюць новыя формы і метады, праходзяць у сучасным фармаце. І, як сцвердзілі ўдзельнікі сённяшняй лекцыі,   наступны 2021 год стане працягам плённага двухбаковага супрацоўніцтва.