default_mobilelogo



Выкладчыкі і студэнты філалагічнага факультэта наведалі Ваўкавыскі і Лідскі каледжы.
19 снежня з прэзентацыяй спецыяльнасцей “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, “Рамана-германская філалогія” ў госці да навучэнцаў Ваўкавыскага  і Лідскага каледжаў установы адукацыі Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы  завіталі выкладчыкі і студэнты  філалагічнага факультэта – загадчык кафедры беларускай філалогіі Садоўская Алена Станіславаўна і ст. выкладчык кафедры Янушкевіч Станіслаў Антонавіч, намеснік дэкана па навуковай працы, дацэнт кафедры рускай філалогіі Сідаровіч Зоя Зігмундаўна, а таксама студэнтка 2 курса Сецько Маргарыта і студэнт 3 курса Фунт Расціслаў. Прыемна адзначыць той факт, што кіраўніцтва каледжаў вельмі цёпла і прыхільна сустрэла гасцей, прадставіла сваім навучэнцам цудоўную магчымасць пазнаёміцца з усімі асаблівасцямі паступлення і вучобы перш за ўсё на спецыяльнасцях “Беларуская філалогія”, “Руская філалогія”, а таксама “Рамана-германская філалогія”.
Выпускнікам каледжаў была прадстаўлена цікавая праграма, падчас якой Зоя Зігмундаўна і Алена Станіславаўна расказалі аб асаблівасцях падрыхтоўкі да паступлення, спецыфіцы навучання на спецыяльнасцях філалагічнага факультэта, магчымасцях працягваць адукацыю ў магістратуры і аспірантуры, атрымліваць паралельна першай  другую адукацыю, аб працаўладкаванні пасля заканчэння ўніверсітэта і іншых момантах. Прыемна адзначыць і той факт, што студэнты філалагічнага факультэта Сецько Маргарыта і Фунт Расціслаў з задавальненнем падрыхтавалі і прадставілі сваю праграму, падчас якой прадэманстравалі самыя яркія моманты са свайго студэнцкага жыцця, вельмі пераканаўча  заахвочвалі да паступлення на філалагічны факультэт  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта, бо менавіта тут створаны ўсе магчымасці для рэалізацыі моладзі ў вучэбнай, навуковай, культурнай сферах. Адчувалася, што навучэнцы каледжаў з цікавасцю ўспрынялі інфармацыю, зразумелі запатрабаванасць і важнасць працы філолага ў сучасным грамадстве.  Спадзяёмся, што падчас прыёмнай кампаніі яны абавязкова папоўняць рады студэнтаў-купалаўцаў.