З нагоды юбілею славутага прафесара
З нагоды юбілею славутага прафесара
23 кастрычніка споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння Івана Якаўлевіча Лепешава – вядомага мовазнаўца, доктара філалагічных навук, прафесара. Больш за сорак гадоў ён працаваў у роднай альма-матар, плённа займаўся навуковай і педагагічнай дзейнасцю, пакінуў пасля сябе спадчыну, якой карыстаецца і будзе карыстацца не адно пакаленне вучняў, студэнтаў, выкладчыкаў, навукоўцаў. На рахунку вучонага 650 артыкулаў і 47 кніг, сярод якіх 8 манаграфій, 17 слоўнікаў, 14 дапаможнікаў, 8 навукова-папулярных кніг. Многія працы Івана Якаўлевіча маюць не толькі навуковае значэнне, але і самае непасрэднае дачыненне да практыкі вывучэння і выкладання мовы ў вышэйшай і сярэдняй школе.
З нагоды юбілею прафесара Івана Якаўлевіча Лепешава кафедрай беларускай філалогіі і Навуковай бібліятэкай ГрДУ праведзена мерапрыемства, падчас якога было не толькі згадана светлае імя знакамітага вучонага, але і праведзена цікавая віктарына сярод студэнтаў філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Беларуская філалогія”. Яны прадэманстравалі свае веды ў галіне фразеалаогіі і парэміялогіі – тых раздзелаў, дзе Іван Якаўлевіч сказаў сваё важкае слова і па якіх выдаў грунтоўныя слоўнікі і навучальныя дапаможнікі. Пераможцы віктарыны атрымалі ўзнагароды.
Вельмі важна, што спадчына Івана Якаўлевіча і яго імя жывуць у нашых сэрцах, дапамагаюць любіць, вывучаць і захоўваць нашу родную мову.