Творчасць Янкі Купалы ў лічбавую эпоху
27 чэрвеня 2019 года выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі ў рэжыме онлайн-сустрэчы прынялі ўдзел ў ІІІ-х Купалаўскіх чытаннях “Творчасць Янкі Купалы ў лічбавую эпоху”, арганізаваную ўстановай культуры “Цэнтралізаваная сістэма дзяржаўных публічных бібліятэк г. Магілёва.” У прывітальным слове загадчык кафедры Алена Станіславаўна Садоўская адзначыла, што імя Янкі Купалы ў чарговы раз сабрала вакол сябе аднадумцаў, прыхільнікаў роднага слова, каб яшчэ раз узгадаць неўміручую творчасць песняра, каб сумесна вырашаць разнастайныя навуковыя пытанні, наладжваць кантакты, заводзіць новых сяброў.
“Традыцыі і наватарства Рэспубліканскіх Купалаўскіх чытанняў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы” – у рэчышчы гэтай тэмы выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі наладзілі дыялог з прадстаўнікамі Магілёўшчыны.
Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце праводзіліся ўжо 11 раз, таму гарадзенцы з задавальненнем узгадалі тыя традыцыі, якія склаліся падчас правядзення гэтага мерапрыемства. Святлана Мікалаеўна Тарасава пазнаёміла ўдзельнікаў онлайн-сустрэчы з гісторыяй Купалаўскіх чытанняў, з тымі людзьмі, якія стаялі ля вытокаў іх арганізацыі. Было адзначана, што ў 1995 годзе прайшлі першыя чытанні, а сёння кафедра рыхтуецца ўжо да 12-х, якія пройдуць у лістападзе бягучага года і будуць прысвечаны 80-годдзю ГрДУ і філалагічнага факультэта. Мікалай Аляксандравіч Даніловіч узгадаў найважнейшыя накірункі мовазнаўчай тэматыкі, якія разглядаліся рознымі лінгвістамі – удзельнікамі Купалаўскіх чытанняў усіх гадоў. Аліна Эдмундаўна Сабуць і Руслан Канстанцінавіч Казлоўскі агучылі дыяпазон пытанняў па праблемах купалазнаўства і літаратуразнаўства, якія знайшлі сваё вырашэнне ў выступленнях удзельнікаў канферэнцый. Была прадстаўлена таксама выстава зборнікаў навуковых прац, якія выдаваліся па выніках праведзеных чытанняў.
Напрыканцы сустрэчы Алена Станіславаўна Садоўская падзякавала аднадумцам з Магілёўшчыны за цудоўны пачын, за магчымасць яшчэ раз сумесна акунуцца ў неўміручую спадчыну песняра, а таксама запрасіла ўдзельнікаў онлайн-сустрэчы на чарговыя 12-ыя Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні, якія неўзабаве адбудуцца ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце.