default_mobilelogo



21 лютага азнаменаваўся ў ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна», на базе якой ужо шмат гадоў плённа працуе філіял кафедры беларускай філалогіі УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы», каскадам святочных мерапрыемстваў, прысвечаных Міжнароднаму дню роднай мовы. З самай раніцы на перапынках гучалі песні і вершы на беларускай мове, ладзіліся з ахвотнымі народныя танцы, праводзіліся конкурсы на веданне роднай мовы. Пазней адбылося ўрачыстае ўзнагароджанне выдатнікаў вучобы на беларускай мове – 40 вучняў школы абралі беларускую мову навучання, і ніхто з іх не шкадуе, ніхто не расчараваны! А завяршылася святкаванне Дня роднай мовы тэатралізаванай гульнёй-віктарынай «Ад тых, хто мову шанаваў», на якую ў склад журы былі запрошаны і прадстаўнікі Купалаўскай ВНУ – дацэнт кафедры беларускай філалогіі Ірына Міхайлаўна Хлусевіч і студэнтка 4 курса спецыяльнасці «Беларуская філалогія» Аляксандра Радковіч. У сваім прывітальным слове да гульцоў віктарыны (а гэта каманды вучняў старэйшых класаў ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна», ДУА «Сярэдняя школа № 34 г. Гродна», студэнтаў УА «Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы») Аляксандра адзначыла, што беларуская мова прыносіць ёй толькі ўдачу: выбраўшы некалі для паступлення ў ВНУ спецыяльнасць «Беларуская філалогія», змагла тут раскрыць свае здольнасці, знайсці новых сяброў, стаць студэнткай года 2017 Рэспублікі Беларусь, працаваць на тэлебачанні. А наш прэзідэнт Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, пачуўшы ў 2018 г. на сустрэчы са студэнтамі Купалаўскага ўніверсітэта ад Аляксандры пытанне на роднай мове, падарыў ёй на памяць сваю ручку!
Варта заўважыць, што адначасова з правядзеннем віктарыны ў школе адбывалася і святкаванне Дня роднай мовы на філалагічным факультэце нашай альма-матар, дзе прыгожа выступалі вучні ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна» з беларускай мовай навучання.
Вось так мы сябруем і ў будні, і ў святы!