Акцыя на філіяле кафедры
26 кастрычніка ў ДУА «Сярэдняя школа № 32 г. Гродна», на базе каторай дзейнічае філіял кафедры беларускай філалогіі, адбылося ўрачыстае пасвячэнне хлопчыкаў і дзяўчынак розных класаў гэтай установы ў беларускамоўныя вучні. Такое свята было арганізавана ў школе ўпершыню, але захопленыя водгукі саміх вучнаў, а таксама настаўнікаў і гасцей мерапрыемства кажуць пра тое, што яно стане добрай штогадовай традыцыяй. Ва ўрачыстасці прымалі ўдзел і прадстаўнікі Купалаўскага ўніверсітэта. Дацэнт кафедры беларускай філалогіі І.М. Хлусевіч павіншавала вучняў, якія абралі беларускую мову навучання, з тым, што яны папоўнілі слаўную сям’ю прадаўжальнікаў традыцый Скарыны, Карскага, Купалы і іншых нашых славутых землякоў па вывучэнні, захаваннні і папулярызацыі роднай мовы, пажадала, каб іх шчырае захапленне родным словам прынесла ім радасць новых адкрыццяў і ўдачу.