default_mobilelogo


















Дзень горада

Гродна – адзін з самых старадаўніх беларускіх гарадоў, а сёння ён адміністрацыйны  цэнтр Гродзенскай вобласці. Дзень горада адзначаецца тут у трэцюю суботу верасня. Сёлета 15 верасня Гродна адсвяткаваў сваё 890-годдзе!
Праграма свята была выключна разнастайнай. На галоўных вуліцах горада праводзіліся экскурсіі, былі арганізаваны выставы ў музеях, выступы фальклорных калектываў і навучэнцаў школ мастацтваў, спартыўныя спаборніцтвы, кірмашы рамёстваў, працавала выстава рэтра-аўтамабіляў, уразілі ўсіх прысутных кулінарныя шоў, дыскатэкі. Для дзяцей у парках былі арганізаваныя забаўляльныя мерапрыемствы, дабрачынныя акцыі і інш.
Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы  не мог абысці ўвагай гэты цудоўны юбілей! Студэнты філалагічнага факультэта 1,2,3 курсаў таксама сталі часцінкай дадзенага мерапрыемства. Некаторыя са студэнтаў нашага  факультэта былі задзейнічаны ў праекце “Жывая гісторыя” і паўсталі ў вобразах вядомых гістарычных асоб, такіх як Алаіза Пашкевіч (Цётка), Максім Багдановіч, Янка Купала, Зоська Верас, Эліза Ажэшка, Антоні Тызенгаўз і Еўфрасіння Полацкая.
У рамках праекта "Жывая гісторыя" была праведзеная акцыя "Чытаем разам". Студэнты ад імя сваіх герояў павіншавалі ўдзельнікаў мерапрыемства  са святам, распавялі пра сабе, прачыталі некаторыя са сваіх твораў і запрасілі гасцей і жыхароў горада прыняць удзел у акцыі. Найбольш актыўныя гледачы, якія далучыліся да акцыі, атрымалі ў падарунак  сувеніры з лагатыпам  Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і праекта "Жывая гісторыя".