У пошуку новых ідэй
У пошуку новых ідэй
23 лютага 2018 г. на базе УА «Гімназія №1 імя акадэміка Я. Карскага” прайшла XXI адкрытая даследчая канферэнцыя школьнікаў “Новыя філаматы”. Па даўняй традыцыі ў працы канферэнцыі прынялі ўдзел выкладчыкі Гродзенскага універсітэта імя Янкі Купалы, у тым ліку і выкладчыкі кафедраў філалагічнага факультэта.
Канферэнцыя была распачата прамовай дырэктара гімназіі Сяброўскага Барыса Аляксандравіча, які натхніў ўдзельнікаў і госцяў канферэнцыі на плённую працу і новыя адкрыцці. Ад Гродзенскага універсітэта на пачатку канферэнцыі выступілі Глазеў Антон Анатольевіч, кандыдат біялагічных навук, і Таран Рэгіна Іванаўна, кандыдат педагагічных навук, дацэнт ГРДУ імя Янкі Купалы.
У гэтым годзе ўдзельнікамі канферэнцыі сталі школьнікі з Расіі (г.Пскоў, г.Кіраўск), Літвы (г.Вільнюс). Сёлета гімназія ўпершыню сустракала гасцей з Казахстана.
Удзельнікі з 25 школ горада Гродна і Гродзенскай вобласці выступілі з дакладамі на 19 секцыях. Лепшыя даследчыя працы былі ўзнагароджаныя дыпламамі I, II і III ступені.
У складзе журы на секцыі “Беларуская славеснасць” прынялі ўдзел выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі ст.выкладчык Тарасава С.М., дацэнт Якалцэвіч М.А. Школьнікі выступілі з дакладамі па самых розных праблемных напрамках. Самы юны ўдзельнік канферэнцыі – вучаніца 5 класа Прытульчык Дзіяна з Гімназіі №1. Лепшай была прызнана навуковая праца “Інтэрферэнцыйныя памылкі ў маўленчай дзейнасці вучняў школы” вучня 11 класа Рудзеніка Мікіты з СШ №5 г.Ваўкавыска.
Школьнікі прадэманстравалі шчырую зацікаўленасць праблемамі, якія даследавалі, праявілі ўменне адстойваць сваю думку, абгрунтоўваць свае вывады.