default_mobilelogo















                                              “Мова беларуская мая!..”
 
      21 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны  дзень роднай мовы. Не застаўся ў баку ад гэтай даты і філалагічны факультэт, на якім арганізоўваць згаданую ўрачыстасць стала  штогадовай традыцыяй.  У чарговы раз выкладчыкі кафедры беларускай філалогіі падрыхтавалі для студэнтаў, выкладчыкаў факультэта, гасцей сапраўднае свята.
       Ужо з самага ранку ў  філалагічным корпусе адчувалася асобая атмасфера, якая падтрымлівалася музычным суправаджэннем. Усіх наведвальнікаў корпуса  вітала мілагучная задушэўная беларуская песня. Напярэдадні  мерапрыемства была аформлена ў  адпаведным беларускім стылі аўдыторыя, дзе планавалася сустракаць гасцей. А каля ўваходу   прывабліваў прысутных  духмяны водар прыгатаваных беларускіх страў.  “Смак беларускага слова” – так  шматзначна называлася гэта каларытная выстава, экспанатамі якой, дарэчы, можна было пачаставацца кожнаму, хто адгадае загадку ці ўспомніць назвы беларускіх страў з твораў беларускіх пісьменнікаў.
      Праграма самаго мерапрыемства была насычанай і разнастайнай. Вядучыя, студэнты 1 курса  Богдан  Павел  і  Сіцько  Маргарыта, на самым пачатку стварылі  ўрачаста-прыўзняты  настрой і падтрымлівалі яго на працягу ўсяго свята. У ходзе мерапрыемства выступілі студэнты (А. Радковіч чытала верш Д.Бічэль), у гонар  роднай мовы  высказаліся пісьменнікі, члены Гродзенскага аддзялення СПБ, прадстаўнікі літоўскай, украінскай дыяспар, дзякуючы якім прагучалі вершы на  розных мовах. Урачыстасць святу надала прысутнасць і выступленне настаяцеля Святапакроўскага сабора айца Георгія Роя, які даходліва данёс прысутным думку пра  важную ролю роднай мовы ў духоўным жыцці асобы. Пасля свайго выступлення святар падарыў факультэту кнігу Новага запавета, якая ў 2017 годзе была перакладзена на беларускую мову. У працяг тэмы духоўнасці студэнты філалагічнага факультэта акапэльна выканалі псальм на беларускай мове.
       Каларытнасць мерапрыемству надала выступленне студэнта 4 курса філалагічнага факультэта Фархада Шэраліева, які прачытаў на беларускай мове верш Т.Мушынскай “Якія бываюць словы”.
      Завяршыла праграму выступленне першакурснікаў спецыяльнасці “Беларуская філалогія”, якія прадставілі  гледачам  сваё бачанне мовы ў жыцці сучаснай моладзі і грамадства.
       Сярод запрошаных гасцей на мерапыемстве прысутнічала каманда школьнікаў Гродзеншчыны, якія будуць прадстаўляць вобласць на рэспубліканскай алімпіядзе па беларускай мове і літаратуры.  Убачанае, па іх водгуках, умацавала перакананне, што служыць роднаму слову – гэта пачэсны і адказны абавязак.
        Кафедра беларускай філалогіі выказвае шчырую падзяку ўсім, хто дапамог стварыць  свята роднага слова: кафедры рускай мовы як замежнай і персанальна выкладчыкуМазько Г.Ч., загадчыку  лабараторыі Вучэбная тэлестудыя Пархамчуку М.Г., кіраўніку Цэнтра творчасці Стэльмах Алене Валер’еўне.