default_mobilelogo


















СУСТРЭЧА ФІЛОЛАГАЎ СА СПАДЧЫННІКАМ ВЯЛІКАГА КУПАЛЫ

 23 лістапада 2017 г. дацэнт  кафедры беларускай філалогіі Сабуць Аліна Эдмундаўна арганізавала і правяла прэс-канферэнцыю па праблеме “Літаратурны твор як мастацкае цэлае”, падчас якой адбыўся канструктыўны дыялог студэнтаў 1-га курса спец. “Рамана-германская філалогія” з пісьменнікамі абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі”. Акрэсленая праблема пашырыла дыяпазон пытанняў адносна прыроды творчага мыслення, суадносін грамадзянскага і нацыянальнага, пераемнасці традыцый і наватарства і інш. Пісьменніцкую арганізацыю прадстаўлялі намеснік старшыні абласнога аддзялення СПБ, паэт  Дзмітрый Радзівончык, а таксама паэты Браніслаў Ермашкевіч і Анатоль Апанасевіч. Свае меркаванні, часам нават дыскусійнага парадку, творцы пацвярджалі прачытаннем уласных твораў, каментарам-матывацыяй абранай імі жанрава-стылёвай і вобразна-тэматычнай прасторы.
Знакавай падзеяй стаў удзел у прэс-канферэнцыі ўнучатага пляменніка Янкі Купалы, паэта і спевака Андрэя Уладзіміравіча Скарынкіна, які з задавальненнем падзяліўся са студэнтамі-першакурснікамі Купалаўскай alma mater сваімі развагамі адносна праблем літаратурнага працэсу і распавёў пра ўласную падзвіжніцкую дзейнасць па папулярызацыі твораў нашага класіка Янкі Купалы.
Далей пісьменніцкая арганізацыя наведала музей ГрДУ, дзе ганаровы госць Андрэй Скарынкін, пераемнік Купалавай спадчыны, пакінуў памятны запіс.
Такі плённы дыялог яшчэ раз падкрэсліў, што насіць імя славутага Купалы, аднаго са шляхетных беларускіх паэтаў, чым уганараваны наш універсітэт, – значыць памнажаць шляхетны дух самой Беларусі.