default_mobilelogo


















ФІЛОЛАГІ  ЧЫТАЛІ  КОЛАСАВУ  КНІГУ  ЖЫЦЦЯ 

Юбілейнае шэсце прачытання Коласавых твораў знайшло сваё пачэснае ўвасабленне на філалагічным факультэце. 9 лістапада кафедра беларускай філалогіі правяла ўрачысты літаратурны вечар “ЧЫТАЮ КОЛАСА…”, прысвечаны 135-й гадавіне з дня нараджэння Якуба Коласа. Гэта шыкоўная імпрэза, зладжаная лістападаўскімі днямі, выразна падкрэсліла, што духоўным хлебам для беларусаў былі і застаюцца Якуб Колас і Янка Купала – пачатак пачаткаў нацыянальнай літаратуры, беларускай паэтычнай філасофіі. Розныя па прыродзе мыслення, стылі пісьма, яны абодва, кожны па-свойму, дбалі, каб “людзьмі звацца”, выходзіць “на прастор, на шырокі прастор”, каб “заняць свой пачэсны пасад між народамі”. Таму спадчына двух класікаў – гэта сапраўдная КНІГА ЖЫЦЦЯ, якую беларусы будуць адкрываць для сябе бясконца.

Літаратурнае свята “ЧЫТАЮ КОЛАСА…” гасцінна запрасіла ўсіх прысутных прайсці дарогамі Коласавых герояў і ўсвядоміць, што ў кожнага – Колас свой: з паняццямі гармоніі зямнога і нябеснага, з эстэтычнымі катэгорыямі прыгожага і духоўнага, з жыццёвай мудрасцю, падсілкаванай гумарам. Філолагі-купалаўцы і госці не толькі літаральна чыталі Коласавы творы, але і прызналі, што ЧЫТАЮ КОЛАСА – гэта найперш пазнаю, расшыфроўваю мастацкі свет славутага песняра праз Коласавы шырокія прасторы, “вобразы мілыя роднага краю” (відавочны малюнак Бацькаўшчыны), праз паэтаву “Новую зямлю” – як новую, незалежную Беларусь; годную беларускую сям’ю, дзе пануе лад і любоў да Чалавека як найвялікшай каштоўнасці жыцця.

З прывітальным словам да аўдыторыі звярнулася дэкан філалагічнага факультэта Іна Самсонаўна Лісоўская, якая падкрэсліла вагомасць прачытання літаратурнай класікі і ўнікальную беларускую закадзіраванасць Коласавых твораў.
Адметным ушанаваннем свята стала тое, што Коласава паэма “Новая зямля” прагучала на трох мовах (беларускай, рускай і польскай) у выкананні студэнтаў Лізаветы Даўгаполік, Сняжаны Дашкевіч (спец. “Беларуская філалогія”) і магістранта Андрэя Віктарава, якія прачыталі ўрывак “Раніца ў нядзельку” са славутага твора. Выступоўцы выразна падкрэслілі тое, што беларусам сапраўды хапіла б аднаго гэтага твора, каб заявіць пра сябе ў свеце. Мелодыя прыгожа агучанай песні “Мой родны кут” (Лізавета і Дзмітрый Даўгаполікі) нагадала, што знаёмы радок “Мой родны кут, як ты мне мілы…” стаў універсальнай паэтычнай формулай, кодам беларускасці.
Літаратуразнаўца, прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч надзвычай вобразна і каларытна распавёў пра жыццёвыя эпізоды Якуба Коласа, якія раскрываюць паэта-класіка  як чалавека, Асобу. Сваёй разгадкай Коласавых радкоў, прачытаннем класічных твораў і прысвячэннем ўласных вершаў Коласу-песняру падзяліліся і госці імпрэзы – члены абласнога аддзялення ГА “Саюз пісьменнікаў Беларусі” Людміла Антонаўна Кебіч, Браніслаў Іосіфавіч Ермашкевіч, Дзмітрый Мікалаевіч Радзівончык. Аздобны музычны падарунак (дзве песні на словы Якуба Коласа і Янкі Купалы) ахвяраваў кіраўнік гарадскога клуба творчай інтэлігенцыі “Грані” Аляксандр Міхайлавіч Закрэўскі.
У вянок Якубу Коласу быў прадстаўлены відэаролік “Мой Колас” з прачытаннем радкоў славутага песняра загадчыкамі кафедр філалагічнага факультэта, а таксама прагучала падзяка-пасланне Настаўніку Коласу і ўсім педагогам ад магістранта Смолкі Вікторыі.
Вядучыя імпрэзы дацэнт Сабуць Аліна Эдмундаўна і настаўнік УА “Сярэдняя школа № 12 г.Гродна” Ушкевіч Павел Міхайлавіч шчыра імкнуліся захаваць тую святочную атмасферу, якая панавала падчас урачыстасці. Зала сапраўды хмялела ад панавітага, багавейнага беларускага слова – Коласавага слова.
Літаратурнае свята “ЧЫТАЮ КОЛАСА…” напоўніцу весткавала пра змястоўны дыялог філолагаў-купалаўцаў з класічнай спадчынай Якуба Коласа і Янкі Купалы, пра свядомае прачытанне-разгадку паэтавых твораў шырокай грамадскасцю у юбілейным карагодзе-акцыі. Бо чытаць класіку – гэта значыць пазнаваць таямніцы свету і сябе ў гэтым свеце.
 
Сабуць Аліна Эдмундаўна,

дацэнт кафедры беларускай філалогіі