Садоўская Алена Станіславаўна, загадчык кафедры беларускай філалогіі, кандыдат філалагічных навук, дацэнт.
Нарадзілася 14 сакавіка 1965 года. Пасля заканчэння Капцёўскай сярэдняй школы ў 1982 годзе паступіла ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы, які закончыла ў 1987 годзе. З 1991 года працуе на кафедры беларускай мовы. Пасля заканчэнння аспірантуры ў 2002 годзе абараніла кандыдацкую дысертацыю па тэме “Фразеалагізмы-словаспалучэнні ў сучаснай беларускай мове” ў Савеце пры Інстытуце мовазнаўства імя Якуба Коласа. Навуковы кіраўнік – Лепешаў Іван Якаўлевіч.
Працавала асістэнтам, выкладчыкам, старшым выкладчыкам, дацэнтам кафедры беларускай мовы. Пасля структурных зменаў на філалагічным факультэце з 2014 года выконвала абавязкі загадчыка кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства, а з 2017 – загадчыка кафедры беларускай філалогіі пасля рэструктурызацыі кафедры беларускай літаратуры і кафедры беларускага і супастаўляльнага мовазнаўства.
Сфера навуковых інтарэсаў – славянская фразеалогія, тэрміналогія, лінгвакультуралогія, мова мастацкай літаратуры. Надрукавана звыш 150 навуковых прац, сярод якіх манаграфія, дапаможнікі, артыкулы, ЭВМК. Выступае адказным рэдактарам кафедральных зборнікаў “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні”, “Філалагічнае краязнаўства Гродзеншчыны”.
Садоўская А.С. з’яўляецца членам Каардынацыйнага савета па падрыхтоўцы кадраў філалагічнага факультэта, членам савета філалагічнага факультэта, членам савета ўніверсітэта, уваходзіць у склад прыёмнай камісіі па фарміраванні кантынгента студэнтаў усіх формаў атрымання вышэйшай адукацыі І і ІІ ступеняў, а таксама ў навуковы семінар “Актуальныя праблемы рамана-германскага і славянскага мовазнаўства” філалагічнага факультэта ГрДУ.