6 красавіка на філалагічным факультэце распачаўся Тыдзень навукі. Ён праводзіцца кожны год невыпадкова. Бо вышэйшая навучальная установа – гэта месца, якое з’яўляецца калыскай навукі. І пачынаецца яна тут для кожнага, хто мае жаданне тварыць, адкрываць новае.
З гэтай нагоды кафедра беларускай філалогіі арганізавала і правяла мерапрыемства, прысвечанае прафесару, доктару філалагічных навук Даніловічу М.А. Прэзентацыя яго навукова-папулярнага выдання пад назвай «Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў» стала сапраўдным святам для студэнтаў-купалаўцаў.
На пачатку сустрэчы дэкан філалагічнага факультэта Ганчар Святлана Віктараўна прывітала шаноўнага госця і ўсіх прысутных, адзначыла важнасць навуковай працы для студэнтаў, звярнула ўвагу на тое, што цяга і імкненне да даследчыцкай дзейнасці фарміруюцца ўжо з першых крокаў вучобы ва ўніверсітэце, таму важна для кожнага ўбачыць і распазнасць гэтую магчымасць і жаданне ўключыцца ў навуковую працу.
Студэнты атрымалі цудоўную магчымасць пачуць з вуснаў шаноўнага прафесара, як ён ажыццяўляў свае крокі ў навуку, пра тое, як ствараліся яго шматлікія падручнікі, манаграфіі, слоўнікі, як пісаліся артыкулы, як сфарміравалася навуковая школа. Падрабязна спыніўся на тым, пад уплывам чаго была напісана яго апошняя кніга «Дайце клею, бо самлею, або Загадкі беларускіх фразеалагізмаў», чаму яна мае такую назву і якія пытанні ў ёй разглядаюцца.
Выстава кніг прафесара Даніловіча М.А., якую падрыхтавала навуковая бібліятэка, дала магчымасць пазнаёміцца з усімі выданнямі даследчыка, убачыць іх унікальнасць і выключную ролю ў захаванні моўнага багацця нашай краіны.
Няхай і надалей творчыя задумы прафесара, новыя праекты і знаходкі радуюць вока ўсіх неабыякавых да роднага слова і натхняюць сённяшняе маладое пакаленне да навуковых пошукаў і адкрыццяў.








