default_mobilelogo



З 4 па 13 лістапада 2019 года магістрант 1 курса філалагічнага факультэта спецыяльнасці “Літаратуразнаўства” Бардзіна Анастасія Міхайлаўна ўдзельнічала ў навуковай стажыроўцы на кафедры беларусістыкі Варшаўскага ўніверсітэта (Рэспубліка Польшча). Стажыроўка праходзіла ў рамках праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2016-2020 гг.”, падпраграма “Развіццё сістэмы вышэйшай адукацыі”.
У час праходжання стажыроўцы яна прысутнічала на лекцыйных і практычных занятках студэнтаў розных курсаў спецыяльнасці “Беларусістыка” Варшаўскага ўніверсітэта. Назірала за спецыфікай методыкі выкладання навуковых дысцыплін такіх, як “Беларуская мова”, “Гісторыя беларускай літаратуры XIX cт.”, “Культура беларускага маўлення”, “Гісторыя беларускай літаратуры ХХ ст. (20-я – 40-я гг.)”, “Культурна-моўная спадчына Падляшша”, “Усходнеславянскія міфы і культурныя кантэксты” і інш.
У час знаходжання за мяжой, на стажыроўцы, Бардзіна А.М.  прыняла ўдзел у навуковым семінары на тэму “Беларуская мова ў публічнай прасторы”. Таксама наведала і стала чытачом бібліятэк Варшаўскага ўніверсітэта і Нацыянальнай бібліятэкі Польшчы. У выніку працы з бібліятэчнымі фондамі быў сабраны навуковы і фактычны матэрыял у галіне польскай і беларускай фалькларыстыкі, які будзе выкарыстаны пры падрыхтоўцы навуковага артыкула прысвечанага літаратуразнаўчаму аналізу фальклора беларуска-польскага памежжа, а таксама пры напісанні раздзела  магістарскай дысертацыі. Па выніках даследавання, матэрыялы могуць быць укаранёныя ў навучальны працэс філалагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы па курсе “Фалькларыстыка” для студэнтаў спецыяльнасці «Беларуская філалогія».
Аднак стажыроўка не была абмежавана толькі навуковай працай. У якасці прыемных бонусаў было некалькі экскурсій па ваколіцах старажытнага горада Варшавы, які вядомы сваёй багатай гісторыяй. Сярод усіх месцаў, якія пашчасціла наведаць, можна вылучыць Стары горад, з яго прыгожай архітэктурай і багатай культурнай спадчынай. Цікавым было папрысутнічаць на агульнагарадскім свяце прысвечаным “Дню незалежнасці Польшчы”. На вуліцах было шмат гараджан, гралі разнастайныя аркестры, працавалі выставы, панавала агульная атмасфера добрага настрою.
Навуковая стажыроўка ўяўляла сабой акадэмічны абмен, які не толькі спрыяе пашырэнню культурна-навуковых зносін паміж двума бакамі (універсітэтамі),  але дае магчымасць атрымання вопыту і прафесійнай замежнай практыкі для зацікаўленых асоб. Стажыроўка адбылася ў адпаведнасці з дамовай аб навуковым супрацоўніцтве, якая была заключана паміж Варшаўскім універсітэтам (Рэспубліка Польшча) і ГрДУ імя Янкі Купалы. У рамках яе таксама праводзяцца сумесныя навуковыя канферэнцыі, удзел у якіх прымаюць студэнты і выкладчыкі з Варшаўскага ўніверсітэта і ГрДУ імя Янкі Купалы, адбываецца сумеснае выданне дыдактычных матэрыялаў і навуковых публікацый, вядуцца супольныя навуковыя даследаванні.
Дзякуючы навуковай стажыроўцы былі атрыманы не толькі новые тэарэтычныя і практычныя веды ў розных галінах літаратуразнаўчых дысцыплін і методыцы іх выкладання, але і адбылося развіццё непасрэднага акадэмічнага супрацоўніцтва ў галінах, якія з’яўляюцца прадметам агульнай зацікаўленасці ГрДУ імя Янкі Купалы і Варшаўскага ўніверсітэта.