default_mobilelogo



СВЕТЛАЙ  ПАМЯЦІ  МАЭСТРА  ЛІТАРАТУРЫ
 «Жыццё – дзівосна прыгожая рэч» Як балюча сёння чытаць такія непасрэдна шчырыя і жыццесцвярджальныя радкі Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча, душа якога адышла ў Лепшы Свет, да Вечнага Неба… І толькі сёння пачынаеш усведамляць: ён быў ПАСЛАНЦАМ з ВЫСОКАГА НЕБА... АНЁЛАМ для ГРОДЗЕНШЧЫНЫ і ЎСЁЙ КУЛЬТУРНАЙ БЕЛАРУСІ… Тое, што А.М. Пяткевіч годны прадстаўнік нашай нацыянальнай эліты Гродзеншчыны – наша беларуская Святыня, ведалі і разумелі, ганарыліся і шанавалі як адданага рупліўцу на ніве беларушчыны, як нястомнага падзвіжніка-захавальніка культурнай спадчыны Гродзеншчыны.
Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч – вядомы літаратуразнавец, культуролаг, краязнавец, былы прафесар кафедры турызму і культурнай спадчыны Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Аўтарытэтны, прызнаны і за межамі Беларусі грамадскі дзеяч: старшыня Гродзенскай гарадской рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (1989–2002, 2004–2020), сябра Рэспубліканскай Рады Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны (2002–2021), сябра Рэспубліканскага навуковага савета «Народная творчасць і быт беларусаў» (1978-1989), сябра Саюза беларускіх пісьменнікаў (з 1971 г.), сябра Міжнароднага камітэта беларусістаў (1990-2000), Міжнароднага камітэта славістаў (1990-1995), сябра Міжнароднага Купалаўскага фонду (з 1991 г.).
Даследчык гродзенскага краязнаўскага руху, захавальнік культурнай спадчыны Гродзеншчыны, пра што сведчаць шматлікія кнігі, выданні А.М. Пяткевіча («Літаратурная Гродзеншчына: Мясціны. Людзі. Кнігі» (1996), «Людзі культуры з Гродзеншчыны: Даведнік» (2000), «Маршруты кніжнага слова: з гісторыі кнігі, друку на Гродзеншчыне» (2002), «Старонкі спадчыны. Культурнае памежжа Гродзеншчыны: працэсы, з’явы, асобы» (2006), «Музычна-тэатральная культура Беларусі Х-ХVІІІ стст.» (2010, 2-е выд. 2011), «Слова і кніга Прынёмання» (2016), «Аўтографы – разам» (2018), складальнік штогадовых «Беларускіх настольных перакідных краязнаўчых календароў на матэрыяле Гродзеншчыны», «Водгулле з маёй дарогі. Успаміны» (2021) і інш.).
Гэта Ён «высвеціў» Гродзенскі край, «гэты загадкавы заходні горад», паказаў і даказаў ягоную самабытнасць і непаўторнасць; сцвердзіў, што літаратурная Гродзеншчына ёсць пачаткам радзімазнаўства, беларусазнаўства.
Гэта Ён, артыстычна валодаючы словам, гэтак ненавязліва, але наўздзіў аргументавана, красамоўна і даступна даводзіў кожнаму студэнту, слухачу, суразмоўцу, што ўся літаратура (нацыянальная, сусветная) – пра Чалавека і для Чалавека. «Літаратура вышэй за ўсё»…
Гэта Ён так балесна маліўся Слову, з небаўзлётнай верай сцвярджаў святасць Беларускага Слова. «Калі будзе Слова – будзе ўсё»…
Гэта Ён, такі сціплы і высакародны, з невымернай гарызонтнасцю мыслення і энцыклапедызмам ведання, фенаменальнай памятлівасцю спакушаў любіць і шанаваць «сваё, роднае, дарагое», такое свойскае, зямное, багавейнае – сваіх бацькоў, сямейнікаў, малую радзіму… Так спагадліва ўмеў удыхнуць гэтае сакральнае права быць чалавекам на зямлі
Гэта Ён так блаславёна мроіў хатнім і радзінным, кранальна варушыў успаміны, самыя гаючыя, ранішнія, з так сэрцу ягонаму любай Стаўбцоўскай зямлі, з Новага Свержаня – пачатку пачаткаў… «А па сутнасці, мы зліліся тут у нешта адно. Бо гэта мой выток»…
Гэта мелодыя Ягонай Любові не толькі да радзіннага новасвержанскага райскага кутка, але і да самавітай Гародні, да парку Жылібера, «часткі горада і мяне самога», да букеціку з кляновых лісткоў, «букету гэтага зеленавата-жоўта-карычневага цуду»… – да жыцця, урэшце, выпрабоўвала свае акорды з глыбокага спаконвечнага ладу беларускага мыслення. Бо быў Паэтам у душы, да кожнай тканачкі… «Яна патрэбна мне заўсёды, рака майго лёсу. Так дзіўна і так стала трымае мяне жыццё на яе берагах. Нёман для мяне адзінытой свяржэнскі і гэты гродзенскі. Але яны розныя, як розныя юнацтва і старасць… Вядома ж, мяне мацней кліча той Нёман…»
Гэта Ён як вучоны-педагог, мысляр-асветнік пакінуў такія раніма-шчымлівыя ўспаміны-згадкі пра кожную творчую асобу Гродзеншчыны, каб «зберагчы праўду пра той час і людзей на розных гонях»… Узнавіў-набыў у спадарожнікі цэлую кагорту пісьменнікаў (больш за сотню!), якія стваралі і стварылі ўнікальны свет беларускай літаратуры і нацыянальную літаратуру ў свеце.
Гэта Ягоная грамадзянская, прафесійная і чалавечая сутнасць, незвычайная камунікабельнасць і тонкая чуйнасць прадыктавалі непахісны творчы запавет, крэда для сённяшніх і наступных пакаленняў калег-літаратараў: «Лічу, што пісьменніка трэба прымаць такім, як ён ёсць Гэтага патрабуе літаратура»…
Гэта Ён як Педагог, Філолаг мог так шыкоўна, вобразна, паэтычна-грацыёзна, запамінальна распавядаць пра мастацкі, літаратурны чароўны свет у самых розных тонах і праявах. «І лекцыя ў мяне ішла – як песня… І ты ўжо ў нейкім таямніча-салодкім палоне»… Колькі ж пакаленняў філолагаў Яго любілі за цудатворнае ўменне свайго педагога бачыць і чуць людскае, верыць у чалавека – так неабходныя ў вірлівай мітусні жыцця!... Любілі за непасрэднае дакрананне да ЛІТАРАТУРЫ ЯК ЧАЛАВЕКАЗНАЎСТВА… Кранальным запаветам запомніўся Ягоны зварот шукаць красу і светласць (мастацкія, жыццёвыя), а таксама зберагчы Слова як святыню падчас мінулагодняга, майскага спаткання са студэнтамі 3-га курса спец. «Беларуская філалогія» ГрДУ імя Янкі Купалы, якому пашанліва прысвяціў больш як 60 гадоў свайго шматфарбнага, хуткаплыннага жыццёвага і творчага лёсу… Чакае сваёй пары і зусім хуткая абарона магістарскай працы Марыі Вайцяховіч (спец. «Літаратуразнаўства», навук. кіраўнік – А.Э. Сабуць) «Жанравыя рэсурсы літаратурнага краязнаўства Гродзеншчыны: мемуары, эпісталярый, мастацкая публіцыстыка і аўтографы А.М. Пяткевіча» – першае навуковае даследаванне Ягонай творчасці ў нашай Купалаўскай Alma mater. А.М.Пяткевіч ганарыўся гэтым, шчодра дзяліўся сваімі сакрэтамі з маладой даследчыцай. Не паспелі, няўмольны Час зладкаваў свой жыццёвы сюжэт…
Гэта Ён, незвычайна галантны, з пранікліва-ўдумлівым позіркам і зайздросным пазітывам, у многім самабытны і самадастатковы, так пранікнёна мог сказаць-ускалыхнуць спавядальна-малітоўным: «Будзь жа ты дабраславёна, жыццё, у якім заўсёды ёсць шчасце, хаця яно заўсёды наперадзе»…
СВЕТЛАЯ ПАМЯЦЬ ашчадна захавае кожны радок пражытых і перажытых старонак ЯГОНАЙ ГОДНАЙ І ГОЖАЙ КНІГІ ЖЫЦЦЯ, якая будзе адкрывацца новымі гранямі для нас, нашчадкаў-беларусаў.
Хай жа СВЕТЛАЯ ДУША Аляксея Міхайлавіча Пяткевіча як сапраўднага патрыёта-беларуса, галантнага калегі, АНЁЛА ГРОДЗЕНШЧЫНЫ, пагоднее ад васільковых мараў пра любую сэрцу Беларусь, пра крамяное крывіцкае беларускае слоўца.
 Аліна Эдмундаўна Сабуць,
к.ф.н, дацэнт кафедры беларускай філалогіі
ГрДУ імя Янкі Купалы,
член Саюза пісьменнікаў Беларусі