default_mobilelogo




ПАД ЗОРКАЙ МАКСІМА БАГДАНОВІЧА
 
16 снежня 2021 г. Новы замак сабраў на святочную літаратурна-музычную імпрэзу “Я хацеў бы спаткацца з Вамі..”, прымеркаваную да ўрачыстага юбілейнага святкавання 130-годдзя з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча, шматлікую гродзенскую інтэлігенцыю. У яе шэрагах – і прадстаўнікі ГрДУ імя Янкі Купалы: дацэнт кафедры беларускай філалогіі Аліна Эдмундаўна Сабуць і, канешне, нашы студэнты 1 курса спец. “Беларуская філалогія” (Дзяшук Дар’я, Захарэўская Валерыя, Магер Ангеліна, Саладоўнікаў Сямён, Салейка Вікторыя, Станілка Данііл, Янкелайць Ангеліна), а таксама студэнты 3 курса спец. “Беларуская філалогія” (Лейко Аляксандра і Саўко Кацярына). Імя Максіма Багдановіча для гарадзенцаў асабліва пашанлівае. Магчыма, не для ўсіх зразумелы ў свой час, ён тварыў для будучыні – для нас, бо сам жа так кранальна прасіў-прагназаваў: “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…”…І гэтая снежаньская сустрэча адбылася асабліва цёплай, вітальнай пад прыгожае, годнае  чытанне нашымі студэнтамі згадак пра старое тагачаснае Гродна, шчырую дэкламацыю гарманічна вабных лірычных твораў, шыкоўнае выкананне песень (“Зорка Венера” і інш.) на словы “госця з высокага неба”, “песняра чыстай красы” Максіма Багдановіча.
Таму можна з упэўненасцю сцвярджаць, што Максім Багдановіч – СВОЙ У СВАІМ ДОМЕ – свой у Гародні, у Музеі Максіма Багдановіча – Доме-Беражніцы Максімавага, беларускага; свой, са шчымлівай журбінкай ва ўяўленнях нашых студэнтаў-філолагаў. Бо глыбока-філасофскае, інтымна-спавядальнае Багдановічава “Я хацеў бы спаткацца з Вамі…” – гэта і ёсць зварот-пасланне да кожнага, хто шукае КРАСУ І СВЕТЛАСЦЬ.
 Аліна Сабуць, член Саюза пісьменнікаў Беларусі, к.ф.н, дацэнт кафедры  беларускай філалогіі, куратар 1 курса гр. БФ-211 спец. “Беларуская філалогія”


(фотаздымкі ўзяты сайта (архіва) Музея Максіма Багдановіча і з асабістага архіва А. Сабуць)