default_mobilelogo



24-25 лістапада на філалагічным факультэце ГрДУ адбылася навуковая канферэнцыя “Рэспубліканскія Купалаўскія чытанні”, прысвечаная 135-годдзю з дня нараджэння Янкі Купалы, якую арганізавала кафедра беларускай філалогіі. У юбілейны год мерапрыемства стала сапраўды знакавым, было пададзена звыш 100 заявак з розных куткоў Беларусі, а таксама з Украіны і Францыі. Прысутнічалі таксама і ганаровыя госці, сярод якіх Андрэй Скарынкін, унучаты пляменнік Купалы, які не толькі прадставіў да ўвагі ўдзельнікаў канферэнцыі літаратурны праспект-агляд   “Як на свет радзіўся Янка...”, але і прыемна зачараваў прысутных цудоўным музычным выкананнем класічных твораў песняра. Падчас пленарнага пасяджэння ўвазе слухачоў былі прадстаўлены цікавыя даклады Людмілы Антонаўны Кебіч, старшыні Гродзенскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі, Мікалая Аляксандравіча Даніловіча, прафесара, доктара філалагічных навук, Наталлі Віктараўны Якжык, настаўніца Канвелішскай СШ. Прафесар Аляксей Міхайлавіч Пяткевіч паддзяліўся сваімі развагамі і ўспамінамі аб постаці знакамітага вучонага, выкладчыка нашага ўніверсітэта, нязменнага арганізатара і ўдзельніка Купалаўскіх чытанняў Ігара Васьльевіча Жука, які заўчасна пакінуў гэтае жыццё.
Удзельнікі чытанняў абмеркавалі актуальныя праблемы купалазнаўства, прааналізавалі творчасць паэта і яе ўплыў на фарміраванне нацыянальнай літаратуры, культуры і мовы. Секцыйныя пасяджэнні былі прысвечаны таксама актуальным пытанням мовазнаўства, літаратуразнаўства, журналістыкі, дыдактыкі.
Падчас працы канферэнцыі быў арганізаваны круглы стол на тэму “Беларуская мова за мяжой; сістэма адукацыі ў Францыі” з удзелам Ганны Сяргееўны Жураўлёвай, кандыдата філалагічных навук, дацэнта Універсітэта Ліль 3 (Францыя).

 Прыемна адзначыць, што і на сённяшні дзень імя Купалы аб’ядноўвае вакол сябе навукоўцаў, фарміруе і ўзвышае свядомасць кожнага беларуса, развівае пачуццё гонару за сваю краіну з яе багатым мінулым і цікавым сённяшнім.